Выхад навуковага англамоўнага часопіса Belarusian Political Science Review

Мар 24th, 2012 | By | Category: Акадэмічныя навіны

Як вядома, адной з істотных праблемаў беларускай навукі з’яўляецца значная ступень яе ізаляванасці ад замежнай акадэмічнай супольнасці. Сітуацыя выклікана многімі прычынамі, але яе відавочны сімптом – адсутнасць англамоўных выданняў у галіне гуманітарных і сацыяльных дысцыплін.

У той час як міжнародныя англамоўныя выданні (разам з проста публікацыямі па-ангельску), з’яўляюцца асноўным механізмам абмену ідэямі і вынікамі даследаванняў у сусветнай акадэмічнай супольнасці, то ў Беларусі да гэтага часу не існуе ніводнага прафесійнага перыядычнага выдання на ангельскай мове у галіне сацыяльных і гуманітарных дысцыплін. Гэта пры тым, што публікацыі ў англамоўных выданнях з’яўляюцца асновай для вызначэння на міжнароднай арэне акадэмічных статусаў для навукоўцаў і інстытуцый.

Выхад першага нумару Belarusian Political Science Review у выдавецтве Vytautas Magnus University Press ёсць спробай выправіць гэту сітуацыю, прынамсі для даследчыкаў палітыкі і сумежных дысцыплін.

Часопіс заснаваны Кансорцыумам беларускіх, літоўскіх, украінскіх і латвійскіх арганізацый па ініцыятыве Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» (palityka.org), і ў пэўнай ступені з’яўляецца працягам ініцыятывы па пераадоленню ізаляцыі і павышэнню міжнароднага статусу беларускай навукі, распачатай Міжнародным Кангрэсам даследчыкаў Беларусі (icbs.lt).

Галоўная задача выдання – прадставіць чытачу па-за межамі Беларусі найбольш важныя акадэмічныя даследаванні беларускай палітыкі і грамадства. Дзеля гэтага рэдакцыя з дапамогай Акадэмічнай рады адбірае найбольш істотныя навуковыя публікацыі, зробленыя беларускімі даследчыкамі на належным навуковым узроўні. Адабраныя публікацыі затым рэцэнзуюцца і перакладаюцца на англійскую мову. Рэшта матэрыялаў фарміруецца на аснове адкрытага конкурсу (call for papers). У адпаведнасці з канцэпцыяй, часопіс будзе змяшчаць даследаванні, прысвечаныя не толькі Беларусі, але і рэгіёну – Польшчы, Украіне і краінам Балтыі.

Відавочна, асноўны фокус выдання – палітычныя і сацыяльныя навукі. Але часопіс з’яўляецца міждысцыплінарным, таму ўвага надаецца і ўсім сумежным галінам веды, накіраваным на даследаванне палітыкі і палітычнага ў шырокім разуменні – асабліва гісторыі і гісторыі ідэй.

У першым нумары найбольшая ўвага надаецца розным канцэпцыям і праектам  палітычнага і нацыянальнага развіцця Беларусі ў розныя гістарычныя перыяды: першыя дзесяцігоддзі ХХ ст. (Ірына Міхеева), БССР 1960-1970-х гг. (Алег Дзярновіч) і, натуральна, у незалежнай Рэспубліцы Беларусь (Андрэй Казакевіч, Аляксей Ластоўскі, Сяргей Богдан). Таксама ў часопісе можна знайсці і абагульненне вывучэння беларускіх эліт (Наталля Васілевіч), вынікі эмпірычнага даследавання моўных практык беларускіх палякаў (Ірына Лашук, Аксана Шэлест) і веб-актыўнасці падчас мясцовых выбараў 2010 г. (Міхаіл Нядзвецкі). Прысутнічае і блок матэрыялаў па пытаннях вонкавай палітыкі: артыкулы пра параўнанне абарончых сістэмаў Літвы і Беларусі (Дзяніс Мельянцоў) і пра вынікі рэалізацыі праграмы «Усходняга Партнёрства» для Беларусі (Андрэй Ягораў). Першы нумар часопіса ўтрымлівае і шэраг змястоўных і канцэптуальных рэцэнзій на выданні, якія датычаць беларускай праблематыкі.

Часопіс і надалей будзе выходзіць штогод, таму звяртаем увагу зацікаўленых аўтараў на магчымасць публікацыі ў нашым выданні.

Часопіс выходзіць у дзвюх версіях: электроннай і друкаванай. Электронную версію можна бясплатна спампаваць на сайце часопіса: http://bpsreview.palityka.org. Друкаваную версію можна замовіць, звярнуўшыся ў рэдакцыю: bpsreview@palityka.org .

Tags: , , ,